Дзейнасць Таварыства беларускай школы ў Ваўкавыскім павеце



Дата14.12.2023
өлшемі28,54 Kb.
#196959
Байланысты:
Апімах А.І .


Апімах А.І.
Дзейнасць Таварыства беларускай школы ў Ваўкавыскім павеце

Таварыства беларускай школы– гэта культурна-асветная арганізацыя, што існавала ў Заходняй Беларусі ў перыяд з 1921 па 1936 год. Створана яна была вырашэннем Цэнтральнай беларускай школьнай рады ў Вільні 26 лютага 1921 годза, а дапрацаваны Браніславам Тарашкевічам статут арганізацыі быў праняты ўжо 1 красавіка. Ставарался яна менавіта на Віленшчыне, бо там ужо з 1915 года працавалі беларускія школы. Але таксама варта адзначыць , што першапачаткова яна стваралася на тэрыторыі не Польшчы, а Сярэдзіннай Літвы. Гэтае дзяржаўнае ўтварэнне з’явілася ў кастрычніку 1920 года, калі Вільня была занята войскамі генерала Люцыяна Жалігоўскага. Але яно было створана дзякуючы відавочнай падтрымкі Польшчы, з’яўлялася фактычна марыянетачнай дзяржавай, а ў сакавіку 1922 ужо сапраўды стала часткай Польшчы. Таму і дзейнасць ТБШ спачатку была лакальнай. Былі патрэбны таксама і пэўны час і сродкі, і ўвогуле ў пачатку 20-ых гадоў дадзеная арганізацыя мела досыць вузкую сацыяльную базу. [1, с. 86]


Калі далучэнне Віленшчыны да Польшчы афіцыйна адбылося, з’явілася ідэя аб’яднаць ужо існуючыя беларускія школы пад эгідай ТБШ, бо цяпер арганізацыя мела магчымасць распаўсюдзіць сваю дзейнасць на ўсе тыя этнічна беларускія землі, што апынуліся ў складзе Другой Рэчі Паспалітай. Прызнаў гэта неабходным з’езд настаўнікаў беларускіх гімназій , што праходзіў у Вільні 4-11 красавіка 1923 года. Зразумела, што ўсе гэтыя планы павінны былі тычаца і Ваўкавышчыны. [1, с. 87]
Трэба адзначыць, што тагачасны Ваўкавыскі павет і сучасны Ваўкавыскі раён – рэчы падобныя, але розныя. Тагачасны павет быў значна большы за сучасны раён і па плошчы (3892 км2 супраць 1183 км2), і па насельніцтву - у Ваўкавыскім павеце ў 1927 годзе жыло 115 261 чалавек, у Ваўкавыскім раёне на 2023 год пражывае 64 996 чалавек). Суадносна ў склад павета уваходзіла і больш населенных пунктаў, якія зараз не ўваходзяць у склад Ваўкавыскага раёна. Напрыклад, горад Свіслач, які зараз увогуле з’яўляецца такім жа раёным цэнтрам, як і Ваўкавыск. Гэта варта трымаць на ўвазе для разумення маштабу дзейнасці ТБШ на ўзроўні Ваўкавыскага павета.
Са стварэннем ў кастрычніку 1923 года Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі і ў чэрвені 1925 года Беларускай сялянска-работніцкай Грамады ТБШ пачала пераўтварацца ў масавую культурна-асветніцкую арганізацыю. Да 1926 года ТБШ мела свае структурныя адзінкі пераважна на тэрыторыі Віленскага ваяводства, а таксама ў Навагрудку і Клецку. Справа ў тым, што ў такіх гарадах як Вільня і Радашковічы (Віленскае ваяводства), Клецк і Навагрудак (Наваградскае ваяводства) існавалі беларускія гімназіі, што аўтаматычна рабіла іх цэнтрамі дзейнасці ТБШ, бо там для гэтага ўжо мелася пэўная сацыяльна-культурная база і спрыяльныя першапачатковыя ўмовы. Але паступова дзейнасць Таварыства пашыралася і на ўсе астатнія заходнебеларускія землі. [1, с. 87]
З 1926 года ТБШ атрымала права легальна весці сваю дзейнасць на тэрыторыі ўсёй Заходняй Беларусі. Гэта тычалася і Ваўкавыскага павета Беластоцкага ваяводства, а дакладней Свіслачы, у якой мясцовыя гурткі з’явіліся ў гэтым жа годзе. У Свіслачы і Свіслацкай гміне ў наступным дзесяцігоддзі гурткі ТБШ дзейнічалі найбольш актыўна і масава. Менавіта таму ў Свіслачы, а не ў большым Ваўкавыску, дзейнічала і адна з 12 акружных упраў ТБШ. [2, с. 80-81]
Так, нумар газеты ТБШ “Наш бюлетэнь” ад 30 лістапада 1932 года сведчыць аб з’яўленні новых і выніках дзейнасці ўжо існуючых гурткоў у Ваўкавыскім павеце, чаму прысвечаны асобны слупок. У жніўні 1932 года адбыўся арганізацыйны сход Раманаўскага гуртка Ізабэлінскай воласці. У дакуменце адлюстравана колькасць удзельнікаў. Гурток ствараўся пры 10 сябрах, а на момант выдання іх ужо было 27, што сведчыць аб пэўнай зацікаўленасці мясцовага насельніцтва і добрай агітацыйнай працы гуртка. Разам з гэтым планавалася стварэнне Народнага Дома і бібліятэкі-чытальні. Акрамя таго былі складзены з’явы і паведамленні аб стварэнні гурткоў у мястэчку (не блытаць з горадам) Свіслач (10 сяброў ) і ў вёсцы Нязбодзічы (12 сяброў).[8, с. 3]
Дадзены нумар таксама ўтрымлівае змястоўную інфармацыю непасрэдна аб тым, чым займаліся тыя ці іншыя гурткі на тэрыторыі Ваўкавыскага павета. Напрыклад, Ельцаўскі гурток ставіў п’есы “Пакой у наймы” і “Птушка шчасця”. Спектаклі зацікавілі публіку, таму адразу пачалася падрыхтоўка да пастаноўкі п’есы “Змагары за ідэю”. Рэдакцыя газеты бачыла ў Ельцаўскім гуртку прыклад для пераймання іншым вёскам. [8, с. 3]
Паведамлялася таксама аб поспехах у працы Дабравольскага гуртка Свіслацкай воласці. Ім былі арганізаваны 3 прадстаўленні непасрэдна ў Дабраволі і 1 ў вёсцы Рудні. Гурток істотна павялічваўся і на момант публікацыі матэрыялу колькасць яго сяброў складала 56. Для уласнай дзейнасці гурток праз Галоўную ўправу выпісаў кніжкі і падручнікі для пазашкольнага навучэння як дзяцей, так і дарослых. [8, с. 3]
Усё той жа нумар “Нашага бюлетэня” сведчыць нам аб тым, што пільнейшай задачай дзейнасці ТБШ у Ваўкавыскім павеце было скліканне павятовага з’езду Ваўкавышчыны. Найбольш актыўныя Дабравольскі і Ельцаўскі гурткі адразу выявілі сваю гатоўнасць дапамагчы ў гэтай справе Галоўнай управе. Але заклікаліся і іншыя гурткі Ваўкавышчыны, што сведчыць аб факце існавання шматлікіх гурткоў. Месцам з’езду быў абраны горад Свіслач. [8, с. 3]
Шматлікія мэты і планы гурткоў ТБШ сапраўды збываліся. Аб гэтым сведчаць нумары “Летапіса таварыства Беларускай школы” №1 (май 1933 года), 2 (чэрвень, ліпень 1933 года), 3-4 (жнівень, верасень 1933 года), 5-6 (кастрычнік, лістапад 1933), праз некалькі месяцаў пасля прааналізаванага вышэй нумара газеты “Наш бюлетэнь”. За гэты час у сакавіку 1933 года адбыўся той самы запланаваны З’езд Таварыства беларускай школы Ваўкавыскага павету. Праўда, па выніку ён адбыўся ў Ваўкавыску. Справа ў тым, што раней ўладамі была закрыта Свіслацкая акружная ўправа і стаяла вострае пытанне, што рабіць далей. [4, с. 26-27]
На з’ездзе прысутнічалі 78 сяброў і 5 гасцей. З дакладам на ім выступіў Рыгор Шырма, які адзначыў станоўчую роль Таварыства ў справе “культурна-нацыянальнага усведамлення” беларускага народа ва ўмовах, калі ў адказ на законныя дамаганні беларусаў аб стварэнні 500 пачатковых школ былі створаны толькі 22 беларускіх і 45 утраквістыных (двухмоўных) пачатковых школ, але і ў іх нічога беларускага амаль не засталося. Таму беларускі народ цягнецца да пазашкольнай асветы, у чым ім і дапамагае ТБШ. [4, с. 26-27]
На з’ездзе была абрана акружная ўправа, але ваўкавыскі стараста адмовіў стварэнне акружной управы ў Ваўкавыску, бо па яго думцы асабовы склад управы не дае гарантыі таго, што праца будзе вясціся ў рамках, што былі акрэслены статуам. [3, с.8]
Што маў на ўвазе ваўкавыскі стараста? Справа ў тым, што дзейнасць Таварыства беларускай школы не праходзіла ў нейкім грамадска-палітычным вакууме. Легальным становішчам ТБШ карысталіся іншыя палітычныя сілы, што дзейнічалі ў падполлі. Гурткамі ТБШ актыўны карысталіся члены нелегальнай Камуністычный партыі Заходняй Беларусі, што давала нагоды польскай паліцыі іх закрываць. А некоторыя гурткі
ТБШ такім чынам закрываліся і самі з-за ідэалагічных спрэчак унутры. У сакавіку 1927 года пры ператрусе ў кіраўнікоў падпольных ячэек гміны Ізабэлін былі знойдзены матэрыялы, што гавораць аб тым, што пасля закрыцця мясцовай ячэйкі КПЗБ дадзены рух павінен падоўжыцца праз ТБШ. На з’ездзе ў Ваўкавыску ад 12 сакавіка было абрана акружное праўленне ТБШ, у якое ў тым ліку ўвайшлі такія члены КПЗБ як Мікалай Бакач, Ян Панотчык (адбыў месячнае заключэнне за нелегальны пераход польска-савецкай мяжы), Яўгеній Загорскій і Аляксандр Харук (падазроныя ў членстве ў КПЗБ), актыўны камуніст Юзаф Земчык. Па гэтай прычыне пасля азнакямлення з дадзеным спісам стараста скасаваў рашэнне з’езда і заклікаў абраць новае кіраўніцтва. Але на правядзенне наступнага з’езда, што павінен быў прайсці ў лістападзе 1933 года, не дала дазволу ўжо ваяводская ўлада, бо нібы пэўныя гурткі ТБШ у Ваўкавыскім павеце адмаўляюцца ад супрацоўніцтва з польскімі арганізацымі. [2, с. 81-82,93]
Закрыццё Свіслацкай акружной управы і няўдалая спроба адкрыць акружную ўправу з цэнтрам у Ваўкавыску не маглі не адбіцца на дзейнасці мясцовых ячэек. Так, Дабравольскі гурток, што ўвогуле быў створаны ў 1928 годзе, пасля закрыцця Свіслацкай акружной управы сутыкнуўся з цяжкасцямі і яго дзейнасць прыйшла ў заняпад. Але пасля таго, як арганізацыйна дадзены гурток далучыўся да Беластоцкай акружной управы, ён аднавіў сваю працу. З чэрвеня 1932 года былі пастаўлены 7 спектакляў, былі створаны драматычная і харавыя секцыі, а ўвогуле усіх сяброў гуртка налічвалася 67 чалавек. [4,с.27].
Асноўныя рэпрэсіі ў адносінах да гурткоў ТБШ былі звязаны з рэзка негатэўным стаўленнем менавіта мясцовай улады. Так, прадстаўнік Вяліка-Грынкаўскага гуртка казаў, што праца ў гуртку прыйшла ў заняпад з-за рэпрэсій і што актыўную працу гурток распачаў толькі ў 1932 годзе, дзякуючы лепшым адносінам улады. [2, с.84] Бо дагэтуль яны ніяк не маглі атрымаць дазвол на пастаноўку спектакляў “Паўлінка” і “Заручыны Паўлінкі”, што моцна біла па даходах гуртка, і толькі з трэцяй спробы ўжо пасля прызначэння новага старасты і яго дазволу нарэшце пастаноўка прайшла паспяхова, дадаўшы “ахвоты і сілаў” для далейшай працы. [3, с.11] Праблемы з дзейнасцю назіраюцца і ў Роскім гуртку, што быў заложаны ў 1926 годзе, маў у сваім складзе 30 сяброў, паставіў 2 спектакля. Перашкодай была забарона мясцовага ксяндза на выкарыстанне будынкаў, што належалі да касцёла. Дабравольскі гурток сутыкаўся з прычэпкамі паліцыі. Напрыклад, камендант Дабравольскага пастарунку, калі прыйшоў на вёску, сказаў наступнае: “Ня можна чытаць дзецям школьнага веку беларускіх кніжак ня толькі ў бібліятэцы, а нават і ў дома”. [4, с. 27-28]
У Нязводзіцкім гуртку, што быў створаны толькі ў 1932 годзе, адразу пачаліся праблемы з мясцовымі ўладамі. Паліцыя хадзіла па вёскам і пужала арыштамі, задавала недарэчныя пытанні, напрыклад: “Да якое вы камуны належыце, да чырвонае, ці да якое іншае”. Гэта значыць, што на дзейнасць ТБШ глядзелі cкрозь прызму палітыкі і дзейнасці нелегальных камуністычных арганізацый. Камендант мясцовага пастарунку, знайшоўшы ў спадара Урбіцкага такія газеты як “Зэ сьвята”, “Сегодня” і “Бюлетэнь Таварыства беларускае школы”, канфіскаваў іх, назваўшы нелегальнымі. Урбіцкі адзначыў той факт, што польскі ўрад такія газеты чытаць дазваляе, але адказ быў такі: “Вышэйшая ўлада дазваляе, а мы можам канфіскаваць”. Вось яны – тыповыя перагіны на месцах. [4, с. 27]
Але нягледзячы на ўсе цяжкасці і забароны, гурткі працягвалі сваю дзейнасць. Ельцаўскі гурток паспяхова рэалізаваў сваю ідэю па пастаноўцы п’есы “Змагары за ідэю”, публікі сабралася вельмі шмат, і ў рэдакцыі “Летапісу Таварыства беларускай школы” напрамую параўноўвалі герояў гэтай п’есы з тымі акцёрамі, што іх гралі на сцэне, бо яны самі з’яўляліся змагарамі за беларускую культуру. Актыўнасць мясцовай моладзі прывяла да запрашэння на правядзенне лекцыі Рыгора Шырмы. Нягледзячы на дрэннае надвор’е (была велізарная снежная завея) прыйшлі сябры гуртка з усіх акалічных вёсак у адлегласці ў тым ліку да дзевяці кіламетраў. [3, с.9],
Гэты цудоўны вопыт паўтарыў і Вяліка-Грынкаўскі гурток ТБШ. Было таксама вельмі шмат гледачоў, потым хор спеў 4 песні: “Родны край” ,”Зайшло ўжо сонейка”, “Ці ня быстрая рэчка і “Ад век мы спалі”. Назвы песен кажуць самі за сабе. У наступны раз стараста і паліцыя пець ужо не дазволілі. [5, с. 59]
Працягвалі з’яўляцца новыя гурткі, а менавіта ў вёсцы Гарбачы (Свіслацкая воласць, 17 сяброў, 10 мужчын і 7 жанчын), у вёсцы Улезлы (Ізабэлінская воласць, 17 сяброў, 14 мужчын, 3 жанчыны), у вёсцы Дарані (Падароская воласць, 15 сяброў). Як бачна, да гурткоў далучаліся як мужчыны, так і жанчыны. [3, с.11-12]
Але не заўсёды атрымлівалася стварыць новы гурток. Так, 3 жніўня 1933 года галоўнай управай была паслана заява на рэгістрацыю гуртка ў вёсцы Грыневічы, Ізабэлінская воласць. Ваўкавыскі стараста даў адказ, бо на яго погляд “закладчыкі дадзенага гуртка не даюць належнай гарантыі, што праца будзе весціся ў рамках акрэсліных статуам) [5,с.60]. Галоўная управа скардзілася аб гэтым у адміністрацыю Беластоцкага ваяводства, але быў атрыманы адмоўны адказ [6, с.90]
Многія гурткі ТБШ абзавяліся радыёпрымачамі, праз якія можна было слухаць напрыклад савецкія радыёстанцыі. Адным з такіх гурткоў быў Даранеўскі гурток Зразумела, што гэтая справа была не з танных, таму свой грашовы ўклад уносілі і сябры гуртка, і мясцовыя сяляне. Гэты жа гурток таксама пацярпеў ад неабгрунтаваных забарон старасты на пастаноўку спектакляў, але нягледзячы на ​​гэта рос як колькасна (дадалося 16 сяброў), так і якасна (ад Галоўнай управы была атрымана беларуская бібліятэка) [6, с.90]
Увесну 1934 года ў Падароскай гміне Таварыствам беларускай школы былі арганізаваны 5 гурткоў для вывучэння беларускай мовы. У дадзеных гуртках навучаліся дзеці узростам 10 і болей гадоў, у кожным з такіх навучалася ад 5 да 8 дзяцей. Мясцовая ўлада паведамляла беластокскаму ваяводзе, што ў сувязі з гэтым не толькі паменшылася наведвальнасць афіцыйных школ, але і пагоршылася стаўленне звычайных беларусаў да настаўнікаў, прадстаўнікам улады і палякаў увогуле. Польскай адміністрацыяй гэта расцэньвалася як падрыўная дзейнасьць, а гэта быў толькі адзін з яе прыкладаў. З гэтай прычыны да сакавіка 1934 года на тэрыторыі Ваўкавыскага павета засталўся толькі адзін легальны гурток - у Свіслачы. [2, с. 94]
Да чэрвеня 1934 года частка гурткоў ТБШ ў Ваўкавыскім павеце аднавіла сваю дзейнасць. 17 чэрвеня ў Вільне быў запланаваны з’езд ТБШ. Ад Ваўкавыскага павета на яго накіраваліся сябар гуртка ТБШ з вёсак Карпаўцы і Навасёлкі Аляксандр Сарока, сакратар дадзенага гуртка Сяргей Вераціла, старшыня гуртка ў вёсцы Раманаўцы Тадэвуш Сяргей. З’езд па выніку не прайшоў, бо шматлікія яго дэлегаты былі арыштаваны, у тым ліку дэлегаты ад Ваўкавыскага павета. Сарока і Вераціла атрымалі 4 гады, а Сяргей – 3 гады турэмнага зняволяння. Такія страты прывялі да паўторнага закрыцця адноўленых гурткоў. [2, с.94]
У пачатку верасня 1935 года быў закрыты апошні дзеючы гурток ТБШ у Ваўкавыскім павеце, то бок у Свіслачы. Афіцыйная прычына – бяздзейнасць, хоць на самай справе гурток працаваў да апошняга моманту, асабліва бібліятэка з яе некалькімі сотнямі пастаянных чытачоў. А якой бяздзейнасці магла ісці размова? Але гэта была толькі фармальная нагода. Нягледзячы на ​​фактычную незаконнасць, скарга Галоўнай управы ТБШ беластоцкаму ваяводзе адказу не атрымала, а ў дадзенай сітуацыі бяздзейнасць цалкам адпавядала садзейнічанню. [7, с. 26]
Такім чынам атрымліваецца, што на тэрыторыі Ваўкавыскага павета гурткі ТБШ дзейнічалі 9 гадоў: з 1926 да 1935 года, калі сама арганізацыя існавала з 1921 па 1936 год. Нумар “Летапіса Таварыства беларускай школы” ад 1936 года так падводзіў вынік працы ТБШ на Ваўкавышчыне. “Гады 1932 і 1933 - гады найактыўнейшай культурна-асветнае працы беларускае моладзі нашае Свіслацкай гміны. Свіслач, Дабраволя, Вялікія Грынкі, Раманаўцы, Гарбачы – найгалоўнейшыя асяродкі культурна-асветнай працы. Гурткі Таварыства беларускай школы, існаваўшыя ў гэтых мясцінах, давалі шырокую магчымасць беларускай моладзі разгарнуць свае сілы ў дружнай самаахвярнай працы над паляпшээннем долі гаротнага беларускага селяніна і работніка шляхам асветы і самаадукацыі. І моладзь не лянавалася. Ладзіла спектаклі, закладала бібліятэкі-чытальні, арганізоўвала вячэрнія курсы, народныя хоры і гэтак далей, словам, клала ўсе свае сілы і здольнасці, не шкадуючы часу, каб прынесці магчыма свайму працоўнаму народу… Аднак трэба сцвердзіць, што найгалоўнейшы здабытак упартай працы ТБШ сярод нашае моладзі ніколі не знікне з сэрца: гэтым здабыткам ёсць вырабленне народнай свядомасці, пачуцця абавязку супольнай працы для дабра народу, пачуцця веры ў лепшую будучыню”. [7, с. 22-23]
Спіс літаратуры і крыніц

  1. Вабішчэвіч, А.М. Таварыства беларускай школы (1921-1936 гг.) / А.М. Вабішчэвіч // Беларускі гістарычны часопіс. – 1997. – № 1. – С. 86–92.

  2. Быховцев, Н.И. Волковыск межвоенный / Н.И. Быховцев. – Гродно: «ЮрСаПринт», 2012. Т.2. – 252 с.: илл.

  3. Летапіс Таварыства беларускае школы. Культурна-грамадзкі і літаратурны месячнік. 1933, №1, Травень. – Рэжым доступу: http://elibrary.mab.lt/handle/1/2407. – Дата доступу: - 17.11.2023

  4. Летапіс Таварыства беларускае школы. Культурна-грамадзкі і літаратурны месячнік. 1933, №2, Чэрвень - Ліпень. – Рэжым доступу: http://elibrary.mab.lt/handle/1/2407. – Дата доступу: - 17.11.2023

  5. Летапіс Таварыства беларускае школы. Культурна-грамадзкі і літаратурны месячнік. 1933, № 3-4, Жнівень - Верасень. – Рэжым доступу: http://elibrary.mab.lt/handle/1/2407. – Дата доступу: - 17.11.2023

  6. Летапіс Таварыства беларускае школы. Культурна-грамадзкі і літаратурны месячнік. 1933,№5-6,Кастрычнік–Лістапад. – Рэжым доступу: http://elibrary.mab.lt/handle/1/2407. – Дата доступу: - 17.11.2023

  7. Летапіс Таварыства беларускае школы. Культурна-грамадзкі і літаратурны месячнік. 1936, № 1-3, Студзень – Сакавік . – Рэжым доступу: http://elibrary.mab.lt/handle/1/2407. – Дата доступу: - 17.11.2023

  8. Наш бюлетэнь Таварыства беларускае школы. 1932, 30 лістапада. Рэжым доступу: http://elibrary.mab.lt/handle/1/2090. – Дата доступу: - 17.11.2023


Достарыңызбен бөлісу:




©engime.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет